23 жніўня — дзень нараджэння Пімена Панчанкі

Рубрыка “Беларускія пісьменнікі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”

ПІМЕН ПАНЧАНКА
народны паэт Беларусі
23 жніўня 1917 – 2 красавіка 1995

23 жніўня 1917 года нарадзіўся Пімен Панчанка – народны паэт Беларусі, перакладчык, крытык, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў на Бранскім, Калінінскім і Паўночна-Заходнім франтах. Працаваў у франтавой газеце “За свабодную Беларусь”, сатырычных выданнях “Партызанская дубінка”, “Раздавім фашысцкую гадзіну” і інш. У 1944-1945 гг. з часцямі Чырвонай Арміі знаходзіўся ў Іране.

Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. Пімен Емяльянавіч вярнуўся ў Мінск і пачаў працаваць у часопісах “Вожык”, “Нёман”, газеце “Літаратура і мастацтва”. З 1966 г. – на пасадзе сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1972 г. быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Паэтычныя зборнікі “Упэўненасць”, “Дарога вайны”, “Пры святле маланак”, “Снежань”, “Крык сойкі”, “Нью-Ёркскія малюнкі”, “Кніга вандраванняў і любові”, “Дзе начуе жаваранак”, “І вера, і вернасць, і вечнасць” былі адзначаны не толькі з боку крытыкаў і дзяржавы, але і чытачамі з усяго свету.

У сваіх вершах П.Панчанка заўсёды выступаў як шчыры патрыёт Беларусі, барацьбіт за захаванне міру і прыроднага багацця планеты, беларускай мовы і выхаванне гуманістычнай, культурнай асобы.

Фонды нашага музея захоўваюць амаль 800 адзінак, якія паступілі ў 2000 г. з асабістага архіва паэта. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць музейныя прадметы, якія тычацца перыяду Вялікай Айчыннай вайны – лісты з фронту, кнігі, фатаграфіі, трафейная нямецкая пішучая машынка і інш.

372