Прэзентацыя выставы мастацкіх работ Генадзя Чыстага “Прагулкі вакол музея”
20 мая 2025 года, а 18-й гадзіне
Мы заўсёды шчыра запрашаем наведаць дом Максіма ў Мінску па вуліцы Багдановіча. Але гэтым разам, у прамым і пераносным сэнсе, ідзём далей і запрашаем здзейсніць прагулку вакол музея.
А дапаможа нам у гэтым мастак Генадзь Чысты, які ўжо колькі гадоў працуе ў Траецкім прадмесці, натхняецца яго прыгажосцю і з дапамогай непаслухмянай акварэлі перадае ўбачанае ў сваіх работах.
Відарысы, прадстаўленыя на выставе, усім добра знаёмыя.
Сапраўды, для многіх мінчан і гасцей нашай сталіцы Траецкае прадмесце з’яўляецца любімым месцам прагулак, і ў кожнага ёсць асабліва ўпадабаны завулак, дамок альбо лавачка, на якой можна адпачыць ад гарадской мітусні.
Выстава працуе з 17 мая па 17 жніўня 2025 года.
Генадзь Рыгоравіч Чысты – вядучы мастак
Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Нарадзіўся 5 красавіка 1947 года ў г. Мінску.
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1968 г.
З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 1994 г.
Аўтар шматлікіх асноўных экспазіцый і буйных выставачных праектаў у розных музеях Беларусі і замежжа.