Выстава жывапісу Аксаны Хамко «Полацкія краявіды»


Полацк часта называюць музеем пад адкрытым небам, горадам-музеем. На невялікай гарадской тэрыторыі засяроджана шмат старадаўніх будынкаў: знакаміты Сафійскі сабор, Богаяўленскі сабор, комплекс Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, карпусы былога езуіцкага калегіума. Гэта радзіма такіх славутых гістарычных асоб, як Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі і многіх-многіх іншых вядомых ураджэнцаў горада. Можа быць, таму часта кажуць, што Полацк валодае асаблівай энергетыкай, чароўнай аўрай, якая так вабіць людзей творчых. Мастакі, паэты, пісьменнікі, кампазітары прыязджаюць у гэты горад па натхненне, ствараюць свае творы і вяртаюцца сюды зноў і зноў.

Багатая гісторыя, велічныя помнікі і, галоўнае, неверагодная атмасфера знайшлі водгук і ў душы мінскай мастачкі, выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аксаны Хамко. Яна неаднаразова прызджала ў Полацк у пошуках матываў і сёння гатова падзяліцца сваім уражаннем з палачанамі і гасцямі горада.

30 мая 2025 года ў Мастацкай галерэі адкрыецца выстава жывапісных работ Аксаны Хамко «Полацкія краявіды», дзе будуць прадстаўлены пейзажы, створаныя мастачкай у розныя гады.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 30 мая а 16-й гадзіне.

1031