Аўтарская лекцыя Змітра Юркевіча

Літаратурны музей працягвае праект “Па мячы і па кудзелі. Гісторыя сям’і – гісторыя асобы”. Гэтым разам, як рэйтаназнаўца, Зміцер Юркевіч падчас аўтарскай лекцыі пазнаёміць наведвальнікаў музея з постаццю амаль забытай ў літаратуразнаўстве. Імя гэтага прадстаўніка знакамітага роду – Станіслаў Рэйтан.

Ён паходзіў са старажытнага беларускага роду. Рэйтаны дзякуючы выбітным прадстаўнікам карысталіся пашанай, мелі шматвяковыя сваяцкія і сяброўскія стасункі з Радзівіламі, а таксама і з многімі іншымі вядомымі і старымі мясцовымі родамі. Бацькамі Станіслава былі брат Тадэвуша Рэйтана, наваградскі земскі пісар Міхал-Ксаверый і Ганарата з Багдановічаў.

Доўгае жыццё нашага героя прыпала на самыя драматычныя часы гісторыі. Ён бачыў другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай, падзеі вайны 1812-га і неспакойныя 30-я гады ХІХ ст. З 1840 года пачынаецца грамадская дзейнасць Станіслава, калі яго выбіраюць Слуцкім павятовым маршалкам.

Сёння асоба Станіслава вядомая не ўсім літаратуразнаўцам: у грунтоўных працах па нашай літаратуры ХІХ стагоддзя не адшукаеце яго імя.

Але быў і той час, калі імя Станіслава не сыходзіла са старонак часопісаў, газет… Літаратурныя аўтарскія і ананімныя дыскусіі з іншым літаратарам Генрыкам Жавускім былі ў цэнтры ўвагі ўсёй тагачаснай інтэлігенцыі.

У 1854-м Рэйтан быў прызначаны ганаровым куратарам Слуцкай гімназіі, што не магло не адбіцца на яго творчасці. Твор «Пан Марцін Квеч» спачатку быў надрукаваны ў газетах. А пасля прыхільнай крытыкі, якая зычыла таленавітаму аўтару не спыняцца, – і асобнай кнігай. Слуцк і яго ваколіцы сталі арэнай для дзеянняў твора.

Апошні вядомы нам твор, які Станіслаў напісаў ды выдаў асобнай кнігай, мае назву «Так было ў нас». Гэта сапраўдная энцыклапедыя маленькага павятовага свету, замкнутага ў сваім дробным жыцці… І зноўку цэнтр гэтага сусвету – Случчына.

12 красавіка ў 18:30 запрашаем у Літаратурны музей, каб заглыбіцца ў свет твораў Станіслава Рэйтана і пагартаць старонкі гісторыі гэтага выбітнага роду.

Квіткі: 5 рублёў (квіткі можна набыць анлайн па спасылцы https://24afisha.by/ru/minsk/events/performances/599233 або ў касе музея).

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

87